АДЗIН КЛЕЦКI РУБЕЛЬ
Трэці рэліз - АДЗIН КЛЕЦКI РУБЕЛЬ.
Выпушчаны ў траўні 2016 года да 890-годдзя першай гістарычнай згадкі пра горад Клецк.
Аверс: Злева ад цэнтра выгрывіраваны герб сучаснага Клецка («У залатым полі «барочнага», ці па-другому «германскага», шчыта пад княжацкай каронай паляўнічы ражок з залатой фурнітурай»). Справа ад цэнтра змешчаны фрагмент ілюстрацыі. Над ілюстрацыяй дата Клецкай бітвы (5 жніўня 1506). 5(6) жніўня 1506 года каля горада Клецка войска Вялікага княства Літоўскага разбіла крымскіх татараў пад кіраўніцтвам сыноў хана Менглі I Гірэя – Феціха і Бурнаша. Перамога лічыцца адной з найбольш значных перамог над крымскімі татарамі. Уверсе па цэнтру – надпіс «КЛЕЦК». Злева ад надпісу дзве даты – 1127 (першая гістарычная згадка пра горад Клецк) і унізе, зрушаная трохі направа, 2017. У дадзеным выпадку гэта не год чаканкі, а дата, калі горад святкуе сваё 890-годдзе. Унізе на манеце змешчаны надпіс «АДЗІН», па кругу ўнізе-больш дробным шрыфтам «КЛЕЦКІ РУБЕЛЬ». Упершыню аверс манеты не быў аздоблены стылізаванымі кропкамі па коле.
Рэверс: уверсе на манеце надпіс на беларускай мове «РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ» у два радкі. Злева ад цэнтра трохі ўверх выгравіраваны адзін з сімвалаў Беларусі – бусел, пад ім ад цэнтра трохі унізе змяшчаецца год чаканкі манеты – 2016. Справа і па цэнтры размяшчаецца схематычная карта Рэспублікі Беларусь з межамі абласцей. Унізе справа пад схематычнай картай Гомельскай вобласці ідзе надпіс «_w_» - стылізаваны подпіс аўтара.
Дата выпуску: травень 2016.
Памер: 25*2мм.
Гурт: рубчасты.
Матэрыял: латунь.
Вага манеты: ~7,94 гр.
Манета знаходзіцца ў пластыкавай капсуле.
Наклад: 100 асобнікаў.
Манета адносіцца да разраду рэдкіх.
На дадзены момант гэта самая рэдкая манета, у адкрытай продажы адсутнічае.
Памятныя манеты выпускаюцца у абмежаванай па накладу серыі і не з’яўляюцца плацежным сродкам.
Гісторыя Клеччыны
Клецк – адзін з старажытных гарадоў Тураўскай зямлі і , ўвогуле, Беларусі.
Упершыню ён упамінаецца 1127г. дзе ў гэты час хутчэй за ўсё быў цэнтрам удзельнага княства. Узнік горад на месцы ўпадзення ракі Сільнай у раку Лань. Дарэчы, даволі часта, можна ўбачыць, апісання першапачатковага размяшчэння горада на левым беразе ракі Лань. Такое апісанне даюць нам "Хронікі Быхаўца", П.Ф. Лысенка (хто не ведае, то гэта знакаміты беларускі археолаг) які хутчэй за ўсё абапіраўся на гэты летапіс. Але яго вучань, В.С. Пазднякоў (таксама археолаг) больш дакладна апісаў месца знаходжання першапачатковага паселішча. Гэтую ж праблему паднімаў і наш зямляк А.Блінец у сваім артыкуле прысвечанаму бітве пад Клецкам (5 жніўня 1506г.).
Як вышэй было сказана, у 1127 годзе Клецк быў цэнтрам удзельнага княства, але ўжо 1149г. горад быў падараваны кіеўскім князем Святаславу Вольгавічу. У 14 ст. Клецк уключаны ў склад ВКЛ як "літоўскі горад" (тут трэба ведаць лакалізацыю старажытнай Літвы). З гэтага часу, у Клецку "сядзелі" людзі, якія прадстаўлялі інтарэсы ВКЛ. У пачатку 16 ст. горад пацярпеў два пагромы ад крымчакоў (крымскіх татар). У 1503 г. горад быў спалены, а праз тры гады, 5 жніўня, адбылася знакамітая бітва пад Клецкам (раю вам пачытаць артыкул А. Блінца). У 1519 годзе, кароль Жыгімонт І Стары падараваў Клецк Боне Сфорцы, якая зменіць не толькі Клецк, але і знешняе аблічча амаль ўсяго ВКЛ. У 1552 годзе, Сфорца, ў Клецкім і Пінскім староствах пачне эксперымент, які скончыцца тым, што ў 1557г. будзе прынята "Ўстава на валокі" і пачнецца валочная памера. Пагэтаму Клеччыну, можна часткова лічыць "калыскай аграгнай рэформы ВКЛ".
Пасля таго як Бона Сфорца з'ехала ў 1556г. Клецк перайшоў спачатку Жыгімонту ІІ, а затым Мікалаю Радзівілу Чорнаму,якому Клецк быў падараванны яшчэ пры жыцці Сфорцы ў 1551 г., а ў 1558 г. быў перададзены па дакументам М. Радзвілу. Пры Мікалаю, Клецк стаў адным з цэнтраў рэфармацыі. Пры ім у Клецку быў заснаваны адзін з першых кальвініскіх збораў (кальвініскі храм) на Беларусі. Гэта быў перароблены Фарны Троіцкі касцёл ,які магчыма быў пабудаваны ў 1450г. і разбураны савецкімі ўладамі ў другой палове 20 ст. У 1560 г.Мікалай Радзівіл “пазваў” міністрам збора Сымона Буднага ,які менавіта тут захапіўся ідэяй адукацыіі простага люду , і працаваў тут над сваім “Катэхізісам”, які надрукаваў у 1562г. у Нясвіжы. Менавіта ў Клецку Будны пераходзіць у арыянства Пасля таго як ў 1565г. М. Радзівіл Чорны памірае, Сымон Будны з'яжджае з Клецка. Клецк атрымлівае адзін з сыноў М. Радзівіла, Альбрэхт,які становіцца першым ардэнатарам Клецкім (1586).
У часы нападаў Аляксея Міхайлавіча на Беларусь (1654 - 1667 гг.) Клецк таксама нацярпеўся. У 1655 годзе Клецк быў знішчаны, насельніцтва скарацілася ўдвая. Пасля гэтага Клецк пачаў адбудовацца, у 1683 г. на грошы Радзівілаў быў пабудаваны дамініканцкі касцёл і кляштар Благавешчання Дзевы Марыі. Але неўзабаве на нашы землі прышла другая паўночная вайна (1700 - 1721 гг.). У 1706 г. шведы разбілі расейскія войскі і разбурылі Клецк. Пасля чаго Клецк ужо не набыў той моцы, і пасля ІІ раздзелу Рэчы Паспалітай (1793г.) апынуўся ў складзе Расейскай імперыіі дзе атрымаў статус мястэчка. Павел Шпілеўскі ў сваіх “Падарожжах па Палессі і Беларускаму краю" пісаў, што Клецк калісьці быў горадам і нават меў свой замак.
У наступныя на тэрыторыіі Клеччыны адбываліся розныя паўстанні , рэвалюцыйныя рухі, а ў лістападзе 1917 года была ўсталявана савецкая ўлада. Падчас Слуцкага збройнага чыну, Клеччына таксама не апынулася ў старане. У розныя часы (маецца на ўвазе вайсковых дзеянняў) у Грыцэвічах, Морачы і Заастравеччы былі штабы вайсковых палкоў незалезалежнай Беларусі. З 18 сакавіка 1921 г. Клецк апынуўся ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай, дзе ў пэўнай ступені выконваў функцыіі "гандлёвага цэнтру" (такія "функцыіі" таксама былі ў Сіняўцы і Заастравеччы). З 1939 года, Клецк ў складзе БССР, а з студзеня 1940 г. Клецк, з'яўляецца раённым цэнтрам Баранавіцкай вобласці. Падчас Другой сусветнай вайны, 27 чэрвеня 1941г. горад быў захоплены нямецкімі войскамі. На сучаснай тэрыторыіі Клецкага раёна былі заснаваны гетты і праводзіліся "чысткі" насельніцтва. 4 ліпеня 1944 года Клецк быў быў вызвалены.
У 1962 годзе Клецкі раён быў скасаваны, а праз 4 гады зноў адноўлены.
Алесь Гаршкоў